Яе імя – Любоў, яе работа – дзеці, яе гонар і пацеха – сям’я. Нягледзячы на розныя абставіны ў жыцці, Любоў Платонаўна Кагарка лічыць сябе шчаслівай, бо двойчы зведала непаўторнае пачуццё мацярынства і зараз сэрца радасна б’ецца, калі чуе пяшчотныя “мамачка” і “бабуля”.Нарадзілася Люба ў вёсцы Горынічы Зарэчненскага раёна Ровенскай вобласці Рэспублікі Украіна. У сям’і было пяцёра дзяцей – старэйшы брат, яна ды 3 сястры. Маці працавала ў калгасе паляводам, бацька – ветэрынарам. А Люба, калі падрасла, вырашыла стаць настаўнікам.
– Магчыма, нейкую ролю сыгралі і бацькавы гены, які пасля арміі некаторы час вучыў дзяцей у пачатковай школе, а пасля ў калгас пайшоў, – узгадвае жанчына. – Тата быў вельмі добры, вайну прайшоў – вярнуўся ўвесь у медалях. Але хто ж тады ведаў кошт тым узнагародам! Памятаю, мы ,малыя, павыцягвалі іх з куфра і гулялі. А там – ордэн Вялікай Айчыннай вайны, медалі “За вызваленне Прагі”, “За перамогу над Германіяй”, “За адвагу”. Вось які ў мяне тата! І ён, і мама цудоўныя былі людзі, прыклад для пераймання. Яны пражылі ў згодзе, бо паважалі, шанавалі адзін аднаго, і нас гэтаму вучылі. У выбары прафесіі таксама не пярэчылі. Хочаш паступаць у Пінск – калі ласка. Тым больш што ад нашай вёскі да яго – 30 кіламетраў, і мы лічылі горад сваім: вазілі туды ў дзяцінстве ягады на продаж, ездзілі за пакупкамі ці на шпацыр.
Паступіць у педвучылішча, куды спачатку падала дакументы, у дзяўчыны не атрымалася. А вось Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум яна скарыла без праблем. Вучылася Люба добра і на размеркаванні ёй прапанавалі месца бліжэй да дома. А сяброўцы “свяціў” далёкі Астравец, і тая пачала ў роспачы прасіць: “Паехалі са мной, я ж там прападу адна”. Ну як адмовіш?
– Згадзілася, а як прыехала, паглядзела навакол, адразу падумала: куды ж я трапіла! – з усмешкай успамінае Любоў Платонаўна. – Толькі адступаць было позна. Накіравалі мяне ў Трокенікі, там выкладала працу і фізкультуру, а калі трэба, вяла ўрокі ў пачатковых класах. Каля двух гадоў настаўнічала, за гэты час вышла замуж і неўзабаве вырашыла прасіцца ў Астравец. У райаддзеле сказала, што хачу займацца з дашкольнікамі, мне пайшлі насустрач і накіравалі ў дзіцячы сад №1 – цяпер там знаходзіцца аўташкола. Праз год адкрылі садок №2 – перайшла туды, дзе і адпрацавала 15 гадоў. У нас была адна група, адзін выхавацель і адна нянечка, а групу наведвала 35 дзяцей. Кожны дзень трэба было дастаць 35 раскладушак, заправіць іх, а пасля сабраць. Не кажу ўжо пра прагулкі, пераапрананне і кармленне. Але мне падабалася працаваць з малышамі – да кожнага знаходзіла падыход, ведала, чым іх можна зацікавіць. А калі дзіця занятае, яно не будзе капрызіць ці шкодзіць.
За гэты насычаны перыяд і ў асабістым жыцці Любові Платонаўны адбыліся дзве найважнейшыя падзеі – яна стала маці. Спачатку на свет з’явіўся Сяргей, а праз 10 гадоў – Вадзім. Два сыны – надзея, радасць і апора. Толькі тады жанчына зразумела, што такое быць шчаслівай і, як кожная маці, старалася, каб у яе хлопцаў было ўсё самае лепшае.
– Гэта ж галоўны мацярынскі клопат і абавязак – каб дзіця было накормленае, добра і цёпла апранутае і абутае, – пацвярджае жанчына.
– Тады з дэкрэта выходзілі рана, я і цяпер, бывае, жартую, што з-за працы з чужымі дзецьмі не заўсёды хапала часу на сваіх. Тады гэта былі не жарты, але я старалася ўсё паспець. Калі запрасілі ў новы сад №3, цяперашні дзіцячы цэнтр развіцця дзіцяці №1, доўга сумнявалася, ці згаджацца, але рызыкнула – і не пашкадавала. Калектыў малады, задорны, да таго ж па 2 выхавацелі на групу – лягчэй і мерапрыемства падрыхтаваць, і з дзецьмі пазаймацца, і дадому своечасова прыйдзеш.
Аднак не толькі шчаслівыя моманты напаўнялі жыццё Любові Платонаўны. Старэйшы сын толькі скончыў 10 клас, малодшы – перайшоў у другі, як памёр іх бацька – Мар’ян Савіцкі. Сяргей хутка пасталеў і замест паступлення, уладкаваўся да арміі на працу. Для жанчыны ж было самым галоўным – паставіць на ногі дзяцей, ні аб чым іншым яна думаць не магла. Таму і сама дакладна не заўважыла, як у жыцці іх сям’і з’явіўся другі Мар’ян – Кагарка, які паступова, крок за крокам заваёўваў увагу і давер Любові і яе сыноў.
– Дзяцінства і юнацтва маёй мамы прыйшлося на час, калі частка Украіны, як і заходняя Беларусь, была пад Польшчай, – расказвае жанчына. – Таму яна заканчвала польскую школу, і пасля мы чулі ад яе шмат цікавых слоў. Асабліва незвычайна гучалі імёны, кшталту Франц, Бронек, Мар’ян. Памятаю, як пачулі з сяброўкай апошняе – доўга заходзіліся ад смеху. Вось лёс і ўзгадаў мне тыя смешкі – 2 разы была замужам і абодва – за Мар’янамі. (Усміхаецца.)
З другім мужам жанчына пражыла душа ў душу 28 гадоў. Дзеці яго паважалі, ён адносіўся да іх, як да родных. А ў 2014 годзе Кагаркі паехалі на вёску ў бацькву хату. Туды ж прыехала і сястра Мар’яна з мужам. Селі пагаманіць, а да яго падскочыў сабачка –ведаў, што ў мужчыны заўсёды ёсць штосьці смачненькае. Кагарка працягнуў цукерку, але жывёла яе не ўзяла. Мар’ян перадаў прысмак сваяку – і з рук таго сабака тут жа злізаў цукерку. У наступны момант Кагарка асунуўся з крэсла і ўжо не прыйшоў у прытомнасць.
– Сэрца… – уздыхае Любоў Платонаўна. – Бачыце, жывёла адчула смерць…
Але ў Любові Платонаўны заставаўся сэнс жыцця, надзея і апора – сыны. Магчыма, у нечым розныя, яны выбралі аднолькавы прафесійны шлях – абодва вырашылі стаць міліцыянерамі. Сяргей пасля 22 гадоў службы ў праваахоўных органах у званні падпалкоўніка пайшоў на адпачынак, а Вадзім працуе намеснікам начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. У абодвух – сем’і, а ў Любові Платонаўны – пяцёра ўнукаў. Дарэчы, двое з іх – сын Сяргея Мікіта і дачка Вадзіма Валерыя – таксама служаць у праваахоўных органах.
– Як калісьці і мае бацькі, я падтрымала іх выбар, – адзначае жанчына.
– Калі ў Сяргея быў выбар паміж міліцыяй і пагранічнай службай і ён звярнуўся за парадай, я адказала: “Гэта тваё жыццё, сынок, табе і вырашаць”. Ведаю, што служба ў міліцыі няпростая, гэта адказнасць перад народам, дзяржавай, але найперш – перад самім сабой. Я ніколі нічога не пытаю ў іх пра працу, а яны мне не расказваюць. Але адчуваю, калі ёсць праблемы, і бачу цень стомы ці насцярогі за іх усмешкамі, – мацярынскае сэрца не абманеш.
Любові Платонаўне ёсць чым ганарыцца: за плячыма каля сарака гадоў працоўнага стажу, яна выхавала ў дзіцячым садку не адно пакаленне астраўчан. А яшчэ жанчына – адмысловая майстрыха – вышывае крыжыкам сурвэткі і карціны.
– Жаночая доля ў мяне была не вельмі радасная, але я штодзень дзякую Богу, што паслаў мне такіх цудоўных дзяцей, а пасля і ўнукаў. Ніякімі словамі не перадаць, якая я шчаслівая і як імі ганаруся. Яны мой сусвет, маё багацце і маё жыццё. Я маці і бабуля – гэта галоўнае для жанчыны.
Марына Мацкевич